ЯДАВІ́ТЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
прадстаўнікі розных кл. жывёл, у арганізме якіх ёсць рэчывы, ядавітыя для чалавека і асобін інш. відаў. У свеце каля 5 тыс. відаў Я.ж.: прасцейшых каля 20, кішачнаполасцевых каля 100, чарвей каля 70, членістаногіх каля 4 тыс., малюскаў каля 90, ігласкурых каля 25, ядавітых рыб каля 500, земнаводных каля 40, паўзуноў каля 100, млекакормячых 1 від. На Беларусі агульная колькасць Я.ж. не вызначана, найб. вядомая гадзюка звычайная.
Ядавітыя рэчывы выпрацоўваюць для самаабароны ці нападу. Адрозніваюць актыўна-ядавітых і пасіўна-ядавітых жывёл. Актыўна-ядавітыя маюць спец. органы, якія выпрацоўваюць яд. Сярод іх ёсць узброеныя і няўзброеныя. Узброеныя маюць залозы з ядам і апарат. які коле ці раніць. У інфузорый — трыхацысты. у кішачнаполасцевых (актыніі, гідры, медузы) — жыгучыя клеткі. у членістаногіх (восы. пчолы, скарпіёны) і пазваночных жывёл — скурныя залозы, звязаныя з джалам, у рыб — залозы ў калючках плаўнікоў ці на жаберных накрыўках. У многіх жывёл (змеі, мнаганожкі, клапы, кляшчы, павукападобныя) пратокі ядавітых залоз адкрываюцца ў рот. Няўзброеныя актыўна-ядавітыя жывёлы (рапухі зялёная і шэрая. трытоны і інш.) не маюць колючага апарата. іх яд трапляе на паверхню скуры або слізістай абалонкі ахвяры. У пасіўна-ядавітых жывёл ядавітымі з’яўляюцца асобныя тканкі цела: напр., ікра вусачоў, сываратка крыві скатаў. Некат. жывёлы (напр., матыль мёртвая галава. вожык звычайны) малаадчувальныя да ядаў, яны валодаюць прыродным імунітэтам. Змяіны яд. пчаліны яд і інш. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні некат. захворванняў.
т. 18, кн. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)